Экалагічнае з Батумі: нашы прыбыткі і трывогі, прыстойнасці і не

Газета "Брэсцкі кур'ер", Яўген Бяласін

Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.

Не хачу ахапіць неахопнае. Пагатоў калі яно неабавязкова цікавае брэсцкаму чытачу.Таму спынюся на беларускім, бюракратычным  і гендэрным  складніках 8-й канферэнцыі на ўзроўні міністраў аховы навакольнага асяроддзя краін Панеўрапейскага рэгіёну ў Батумі.

А хто там прыйшоў?

Выступ беларускага міністра аховы прыроды Андрэя Каўхуты на пленарным пасяджэнні ішоў услед за зусім пустой двухмінуткай армянскага прадстаўніка, якую вядовец (абсалютна выключны выпадак!) адзначыў настойлівым заклікам не губляць часу на прывітанні. Але і без такой “эфектнай” падсветкі спавешчанне беларускага міністра было змястоўным:

  • За некалькі гадоў краіна паводле індэкса экалагічнай эфектыўнасці паднялася з 65-га на 35-е месца. Плошча асабліва ахоўваемых тэрыторый прырасла да 8, 8 адсоткаў  – на 210 тысяч гектараў.Вядома, усяго гэтага мы дасягнулі з дапамогай і ў каардынацыі з еўрапейскімі структурамі і адпаведнымі структурамі ААН.

Спадар Каўхута яшчэ некалькі разоў выступаў  на  дадатковых тэматычных пасяджэннях экаслужбоўцаў і экспертаў, некалькі разоў сустракаўся з беларускімі журналістамі. Эксклюзіўна для “Брестского курьера” ён сказаў наступнае:

  • Анатоль Васільевіч [Ліс, папярэднік Каўхуты на пасадзе міністра – Я.Б.] удзяляе шмат увагі экалогіі, так што вам лягчэй. У вас многа што ўжо зроблена ў сферы “азелянення” вытворчасці. У Брэсце на заводзе Санта Брэмар, дзякуючы супрацы з замежнымі экалагічнымі арганізацыямі і фондамі,  халадзільнае абсталяванне замененае на бесфрэонавае.  У Давыд-Гарадку на адным з прадпрыемстваў усталявана новае вентыляцыйнае абсталяванне.  Біягазавы рэактар запусцілі на Тураўскім малочным камбінаце.  Дарэчы, з 2017 года біягазавыя комплексы абавязкова будуць усталёўвацца на ўсіх палігонах перапрацоўкі і захавання адыходаў. Біягазавыя комплексы будуюць і на не новых фермах, прадпрыемствах і палігонах. Вялікую, калі не большую частку расходаў на такія экаўстаноўкі бяруць на сябе самі прадпрыемствы.

На пытанне, чаму склалася даволі непразрыстая сітуацыя з заморам усяго жывога на ста кіламетрах ракі Лясной у 2014 годзе,  міністр заклІкаў верыць замерам і высновам афіцыйных лабараторый. “Калі ёсць парушэнні, мы рэагуем. А ў лабараторыях працуюць адказныя спецыялісты”. На мой аргумент, чаму ж тады пасля адказаў у духу “форс-мажор, ніхто не вінаваты” разбурылі шлюз на рацэ, спадар Каўхута сказаў, што тут яму бракуе інфармацыі для дакладнага адказу.

Што ж, пачакаем наступнага замору?

Жывую цікавасць падыйшоўшых дзеля нагоды калегаў  выклікала дапамога з Захаду. Толькі ў нечым размова нагадвала вядомае “імёны, яўкі, паролі”,  – міністр быў адкрыты да ўзаемінаў і дабразычлівы.

“Гэтая дапамога нясе з сабой новыя тэхналогіі. З Беларусі знятыя санкцыі, мы паспяхова ўкараняем новыя “зялёныя” інвестыцыі, і гэта робіць краіну яшчэ больш прывабнай для інвеставання. Нам трэба выкарыстоўваць гэты зручны момант”.

“Супольна з іншымі міністэрствамі, Мінпрыроды за мінулыя гады падпісала з Праграмай развіцця ААН, Сусветным банкам, іншымі  міжнароднымі арганізацыямі і фондамі дамоваў на супрацу на 16 мільёнаў долараў,” –  пайшлі нарэшце ад міністра Каўхуты пажаданыя “кветкі артыкулаў”, якімі ёсць лічбы.  – “Летась на экапраекты выдаткавана каля 5 мільёнаў долараў. Цяпер мы кажам пра заключэнне дамоваў на бліжэйшыя гады на 24 мільёны долараў”.  

Яшчэ да размовы з міністрам прыцягнула ўвагу дадатковае мерапрыемства Канферэнцыі “Экалагізацыя эканомікі краін Усходняга партнёрства Еўрасаюза: ад абавязацельстваў да вынікаў” – у праграмцы быў пазначаны ўдзел начальніка Галоўнага ўпраўлення аграпрамысловага і ляснога комплексаў, навакольнага асяроддзя Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь Дзмітрыя Матусевіча. Нехта на ўваходзе быў прапанаваў стандартную шакаладку з маркіроўкай “EaP GREEN”. Узяў, потым у зале разгледзеўся – “Шоколад  горький Коммунарка”. Ага, дык гэта наша. Разгледзеўся, хто там паперадзе сядзіць за сталом выступоўцаў – дык яго сам спадар Матусевіч і раздаваў!

Выступ беларускага чыноўніка быў прысвечаны экалагізацыі малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Грошы з нейкага відавочна міжнароднага праекта прынеслі “...вынікі даволі пераканаўчыя, але ў стадыі росту. Навучылі 35 экспертаў, правялі тры “Івэнты” (так і сказаў, англійскім слоўкам пасярод расійскай, з націскам на першым складзе).  Далей спадар Матусевіч пачаў гаварыць пра шакаладку. Тут у мяне з’явілася адчуванне дэжавю. Няйначай, даўно ўжо гэты прыклад мільгае. Аказалася, што “...”Камунарку” нельга назваць сярэднім прадпрыемствам, але праект з шакаладам можа быць для іх прыкладам”. Сутнасць праекта ў тым, што раней самая вялікая беларуская цукерня злівала салодкую ваду ў каналізацыю, а цяпер яе фільтруюць, і з улоўленага прадукту робяць мармелад і, вось, шакалад. “Эканамічны эфект складае 120тысяч еўра ў год”.

Мяне зацікавіла рэакцыя эксперта, які сядзеў побач. На шакаладцы той ажывіўся, але калі ў наступным абзацы прагучала “...прадпасылкі для паспяховага рэсурсазберажэння створаныя Прэзідэнтам на ўзроўні Указаў. Прадпрыемствам даручана на 25 адсоткаў знізіць выдаткі. Уся краіна будзе займацца гэтым бліжэйшую пяцігодку”, таго перасмыкнула. А калі неўзабаве дадалося “ ... у земляробстве Прэзідэнт у сакавіку ухваліў...”, і далей быў названы нейкі праект, сусед упаў у глыбокую прастрацыю. Сапраўды, у людзей можа з’явіцца ўражанне, што беларусы яшчэ жывыя выключна толькі і дзякуючы...

Пасля заканчэння працы “eventу папрасіў спадара Матусевіча адказаць на два пытанні. Колькасць грошай, вылучаную замежнікамі ў якасці дапамогі Рэспубліцы Беларусь, чыноўнік  назваць  так сходу не здолеў, папрасіў пазваніць у Беларусі. Ну, ды міністр Каўхута потым агучыў. А вось на пытанне, якімі рэсурсамі ўлады хочуць дабіцца экалагізацыі земляробства ва ўмовах вымірання вёскі, Дзмітрый Матусевіч адказаў з ахвотай і па-беларуску. Напэўна, самому баліць, –  або сам вясковы, або ёсць родзічы там. “Увогуле нам рэсурсаў [у земляробстве] хапае. Цяпер мы кормім Расію. Але там адбываецца імпартазамяшчэнне. Таму нам афіцыйна аб’явілі (далей было імя, неразборліва), што будзем пераарыенціроўвацца на вытворчасць сельгаспрадукцыі на арганіцы. Будзем вырабляць біяпрадукты”.

Зялёная бюракратыя

Паколькі экалогія прыцягвае ўсё большыя і большыя сродкі, то знаходзіцца ўсё больш жадаючых іх апрыходаваць. Гэта вельмі адчувалася і ў Батумі. Журналіст і эксперт Алег Лістапад паказаў мне ўзбекскі вялікі каляровы буклет  “Международный Фонд спасения Арала”.  Стаяць на фота пяць прэзідэнтаў сумежных рэспублік. “Фонд ёсць, улада ёсць, а Арала таго (падціскае пазуром малога пальца блакітную коску на карце) зусім не засталося”. Сапраўды, яшчэ трыццаць, а і нават дваццаць гадоў таму возера было памерам з мора і круглым.

Вялізная колькасць (між)дзяржаўных арганізацый, нямала НДА, з якіх вось каб ведаць які адсотак так званых “недзяржаўна-дзяржаўных”, дзявяты вал нейкі Пагадненняў, Пратаколаў, Канвенцый, Рашэнняў,...  Да таго ж, амаль усе яны не абавязковыя для выканання. Паводле сведчання аднаго з выступоўцаў на пленарным пасяджэнні, даведзеныя да выканання толькі каля траціны рашэнняў папярэдняй Канферэнцыі. Ды і гэтая – паводле падслуханага ў кулуарах трапнага выказвання, “восьмая, Карл, ты падумай, восьмая – столькі нават сэксу не бывае!”

Таму на адным з дадатковых мерапрыемстваў зачапіўся за словы мадэратара Ханса Брюйнінкса(Hans Bruyninckx) “Давайце не канцэнтравацца на межах, давайце канцэнтравацца на інфармацыі” і на фуршэце задаў спадару Брюйнінксу, які, дарэчы, з’яўляецца не абы-кім, а  выканаўчым дырэктарам  Еўрапейскага  Агенцтва Навакольнага Асяроддзя,  адно пытанне. Адно-адзінае, цалкам у рэчышчы ягонай логікі.

“Ці не з’яўляецца ствараемая панеўрапейская сістэма абмену экалагічнай інфармацыяй правобразам, прататыпам глабальнай сістэмы экалагічнага адміністравання або нават  глабальнага ўраду з экалагічнымі кампетэнцыямі?”

Пытанне яўна спужала спадара Брюйнінкса. Ён сказаў, што адкажа толькі, калі я пашлю пытанне па мэйлу на сайт ягонай арганізацыі на імя ягонай сакратаркі, і каб абавязкова ўказаў, якое выданне прадстаўляю. Ну але можа я нашмат ніжэйшы за яго ростам, і на бэджыку не была бачная акрэдытацыя. Паслаў я гэтае пытанне. Прыйшоў адказ, што дастаўка пошты на пазначаную скрынку немагчымая. Не дык не, большая актыўнасць падалася мне бессэнсоўнай.

Між тым наш беларускі літаратар-фізік  Васіль Гігевіч яшчэ ў сваім фантастычным рамане “Кентаўры”, напісаным па свежых слядах Чарнобыльскай катастрофы, зацеміў слабое месца нас, чалавекаў. Адэкватна адказаць на выклікі, найперш экалагічныя,  якія нясе з сабой глабалізацыя развіцця чалавецтва, можна ў апошнюю чаргу такімі эгацэнтрычна раздробленымі, наскрозь калегіяльнымі метадамі, якія ў працы цяпер і да якіх бясспрэчна належыць таксама і такі інструмент, як Канферэнцыя міністраў аховы навакольнага асяроддзя КПЕР.  

95 адсоткаў гараджан Еўропы дыхаюць забруджаным паветрам. У 2012 годзе з-за бруднага паветра па-за памяшканнямі заўчасна памерлі каля 500 тысяч чалавек. Яшчэ 100 тысяч не дажылі веку з-за нячыстага паветра ўнутры памяшканняў. Міністры прынялі ў Батумі “дарожную карту” экалагізацыі эканомікі.  Гэта добра.  Чысцей будзе паветра.Але ці гэтага дастаткова.  І хоць большасць прысутных на канферэнцыі, бадай што, добрыя эксперты, а частка вельмі добрыя – пэўнасці няма.

Вырашыў пашукаць пратэставую. “балючую” частку 600-галовага гэтага часовага арганізма. Сярод асобаў афіцыйных іх, вядома, не будзе. Таму накіроўваюся да “камчаткі”. Найбольшае прадстаўніцтва з НДА там у Еўраэкафорума (European ECO Forum). Якраз выступае на пленарным Круглым стале іх прадстаўнічка. Хораша кажа: “Трэба, каб да наступнай Канферэнцыі ў 2021 годзе мы маглі сказаць не “зробім Еўропу больш зялёнай, больш чыстай”, як напісана ў Праекце заключнага дакумента,  а “Зробім Еўропу зялёнай і чыстай”!

Але мой запыт паказаць каго-небудзь, хто сказаў бы нешта крытычнае, атрымаў у аднаго спадара неразуменне, а ў энэргічнай прадстаўнічкі Украіны нечакана брутальны адпор: “Сярод нас такіх няма, хто на барыкадах! Мы эксперты!”. Удагонку маладзіца аб’явіла мне падозру ў жоўтым журналізме.

Падыйшоў потым да больш лагоднай,  больш высокага веку жанчыны. Нечакана яна аказалася акурат старшынёй Еўраэкафорума, якая выступала з галоўнага мікрафона Канферэнцыі. Мара Сіліна сказала: “Жыву ў Бельгіі. Родам з Латвіі. Канферэнцыя Дзявятая адбудзецца, хоць хацелі былі ўжо не рабіць. Але мы дабіваліся, каб была. Бо хоць які інструмент уздзеяння. Рашэнні прымаюцца добрыя, прыкладам, Орхусская канвенцыя, паводле якой важныя для прыроды рашэнні абавязкова прымаць ва ўмовах шырокага грамадскага абмеркавання. (Тут адразу падумаў пра Астравецкую АЭСЯ.Б.).  Але галоўнае ў выкананні. Трэба дабівацца на месцах, каб рашэнні выконваліся”.

Што да арганізацый, сказала спадарыня Сіліна, то яны патрэбныя самыя розныя: і тыя, што ідуць адразу на вуліцы, і экспертныя.

Кар’ерна паспяховыя жанчыны-эколагі

Паколькі побач Белавежская пушча, не мог не пайсці на дадатковае мерапрыемства Канферэнцыі, прысвечанае лесакарыстанню. Пагатоў што мяне зацікавіла выказванне прадстаўніка Расійскай Федэрацыі Андрэя Лалеціна  – ён заклікаў прысутных змагацца з парубкамі лясоў і спальваннем выкапняў.

На адным з папярэдніх такіх пасяджэнняў мадэратар па-англійску тонка пажартаваў. Усе яны праходзілі ў фармаце так званых “панэляў” – эксперты за адным сталом коратка раскрываюць тэму, потым адно-два пытанні ад процілеглай “панэлі” мадэратараў, калі ёсць час, адно-два пытанні з залы – і ў кулуары, на каву-віно-размовы. Дык вось, упрыгожыла стол выступоўцаў жанчына, дык мадэратар вазьмі і скажы: “Сёння толькі адна жанчына на панэлі, а так скрозь мужчыны”.

А тут іх уселася адразу тры, і адна годнасцямі і пасадай мерыцца падняцца вышэй за другую! Аліцыя Каспшак, эксперт лясной гаспадаркі ААН (мадэратар: “прадстаўляла праект лесакарыстання на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе”), далей Ханнэле Покка, сталая сакратарка Міністэрства навакольнага асяроддзя Фінляндыі (мадэратар: “была кіраўніцай Лапландыі, міністрам юстыцыі, 15 гадоў ва ўрадзе”). Пра Эліну Варсту і не расчуў усяго. Потым рэдактарка беларускай “Зялёнай сеткі” сказала, што ў яе найлепшыя вынікі з усіх трох... Даклады ўсе былі надта цікавыя, але ідуць за межы майго сціплага матэрыялу. План дзеяння  Рованіемі, досвед Фінляндыі, якую спадарыня Покка назвала “самай багатай лесам еўрапейскай дзяржавай (хіба не мы?) – пагартайце інтэрнэт. Я ўзяў у спадарыні Каспшак, якая прызналася да польскіх каранёў яе фамільнага дрэва, тлумачэнне: што такое краіны Панеўрапейскага рэгіёну? Аліцыя Каспшак: “Панеўрапейскі рэгіён улучае (каля)еўрапейскія краіны, якія самі пагадзіліся ўдзельнічаць у сетцы неабавязковых да выканання пагадненняў, каардынаваць сваю дзейнасць. Ён меншы за тэрыторыю плана Рованіемі, якая улучна з Канадай і ЗША налічвае 56 дзяржаваў”.

Высновы спадара Лалеціна наконт (ня)вырубкі лясоў планеты спадарыня Каспшак каментаваць абцяжарылася, – з асаблівым акцэнтам на яго адсутнасць.

 

Як экалогія перасякаецца\перахлістваецца з проста палітыкай

Паспрабаваў узрушыць раскава-зялёную плынь лясной секцыі ўкраінскі эксперт  Алег Лістапад. Ён пракаментаваў адно са спавешчанняў пра рацыянальнае лесакарыстанне заявай, што былы прэзідэнт Украіны Януковіч скраў казённага лесу на 24 мільёны еўра. Заява прагучала пасля выступу прадстаўніцы Сусветнага банку. Была ўспрынятая як камень прымае мяккая падушка. Я ўжо быў сабраўся распытваць прадстаўніцу СБ, а ці бракуе ім 24 мільёны еўра, але абачліва спытаўся, пра акалічнасці, спачатку ў спадара Лістапада. “Не, гэта не крэдыты. Проста драўнінай. На Межыгор’е, у тым ліку (былая галоўная рэзідэнцыя Януковіча пад Кіевам – Я.Б.). Там заўгас у яго быў, дык нават мянушка да яго прыклеілася “Ляснік”. Усё афіцыйныя лічбы. Пракуратура тармазіла, але далі-такі ход справе, агучылі лічбы”.

Спытаў, што магло б стаяць за нелагічнымі нейкімі прапановамі расіяніна Лалеціна. “У іх жа ўсё ёсць. Што ім бедаваць пра вырубку, калі тайга гарэць не перастае?”. Пагадзіліся, што і экалогія можа быць ужытая як агульнапалітычны інструмент. Забараніць вырубку лясоў – і ў каго іх мала, будуць купляць у тых, у каго іх з гарою. Увесці квоты на хоць што – і будзе, як у прымаўцы “пакуль тоўсты худзее, тонкі ўжо памёр”.

Дарэчы, расійскага калегі нашага Каўхуты на Канферэнцыі ў Батумі не было. Затое быў украінскі міністр Астап Семярак. У адрозненне ад нашых, выступаў на безакцэнтавай вольнай англійскай мове. За нешта яго спадар Лістапад хацеў падкузьміць, але за гэта пахваліў: “Так, тут ён на ўзроўні. Быў сустаршынём  Камітэту “Україна – ЕС”  у Вярхоўнай Радзе”.

 

Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.

Як я ў Батумі шукаў Міхаіла Саакашвілі, кватэру і паесці.

Міхо хоча вярнуцца: мужчыны і жанчыны падзяліліся

Калі даведаўся, што 8-я Канферэнцыя міністраў аховы навакольнага асяроддзя краін Панеўрапейскага рэгіёна пройдзе ў Батумі, то падумаў, што няблага было б заадно з экалагічнымі тэмамі знайсці там Міхеіла Саакашвілі ды ўзяць у яго інтэрвью. Або неяк выявіць яго сляды, хаця б. Як вядома, былы прэзідэнт Грузіі цяпер з’яўляецца  ўкраінскім чыноўнікам высокага рангу, кіруе Адэскай абладміністрацыяй і нібыта выказваў жаданне вярнуцца ў Грузію. Не на ўкраінскай мове, зразумела, хоць ёю і авалодаў – і гэта яшчэ паддае інтрыгі.

На пачатку чэрвеня выплылі тут дзве пэўнасці. Першая: Саакашвілі ў Адэсе. Другая: Батумі ...не зусім Грузія, ці як.

У гэтым упэўніўся яшчэ ў дзень прылёту. Заўважыў два сцяжкі побач, грузінскі і яшчэ нейкі, бы амерыканскі, паласаты, і грузінскі чырвоны крыж на белым тле там у верхнім кутку пры дрэўку. Вісяць там-сям на слупах, будынках, флагштоках. Іншым разам у кампаніі з дванаццацізорным сінім еўразвязаўскім. Прахожыя давалі розныя адказы. Паліцыянт на ўваходзе ў адзін з дамоў патлумачыў: гэта сцяг аўтаномнай Рэспублікі Аджарыя, а Батумі яе сталіца. “Але мы Грузія, проста гэта звязана з гісторыяй Асманскай імперыі. Турэцкая акупацыя даўжэй тут была. А мова ў нас адна, грузінская”,  –  патлумачыў нарэшце больш дасведчаны мінак.

Непадалёку мясцовыя дзяржаўтаінспектары наўпрост насупраць паліцэйскага ўчастка спынілі старэнькі іржавы “Жыгуль” з гаваркім нумарам “DAM+лічбы”. Ну, і бралі з яго, вядома, як наша ДАІ. Бо няспраўны, няйначай. А можа, папросту за тое, што ...стары.

Распытаў у паліцыянтаў пра шкляныя  паліцэйскія ўчасткі, якія Саакашвілі пасля разгону ранейшай карумпаванай паліцыі загадаў паставіць у Грузіі, “каб народ бачыў, што яны там робяць”. Пасля нядоўгай нарады тыя паказалі на другі канец горада. “Там участак №7 са шкла”.

У той дзень туды не пайшоў, але пачаў, поруч з падзеямі на экалагічнай канферэнцыі, апытваць мясцовых, як яны ставяцца да магчымага вяртання ў Грузію былога, пасля паразы на выбарах 2012 года, прэзідэнта.

І мужчыны, і жанчыны адказвалі па-англійску, па-расійску даводзілася размаўляць некалькі разоў, калі суразмоўцы былі старэйшага веку або паліцыянты.

Рэакцыя мужчын была стрыманай. Каля порта двое сказалі, што з працай цяжка. Прыехалі з Тбілісі. Тут няма кваліфікаваных зваршчыкаў. Да палітыкі ставяцца нейтральна. “Мы нічога не вырашаем”. Яшчэ адзін па дарозе назваўся рамеснікам. “Мнэ пры любой власты лучшэ кантакт с сасэдямі, і я всэгда работал. А палытыка эта дэла нэнадёжнае”.  Былі і некалькі прыхільнікаў Саакашвілі.

А вось жанчыны практычна ўсе з рознай ступенню гарачыні падтрымалі “Міхо”. Адну з іх на гэтай глебе нават атрымалася схіліць сфатаграфавацца на фоне помніка залатому мужчыне-волату на плошчы са слупом Медэі з залатым руном (дзесьці ў ваколіцах шукалі яго колісь арганаўты).   

Галоўныя вуліцы Батумі названыя ў гонар пісьменнікаў: Руставелі, Чаўчавадзэ, Абашыдзэ. Унук гэтага апошняга, Аслан Абашыдзэ, цвёрдай рукой утрымаў у свой час Аджарыю ад уцягвання ў “русский мир”.

Па дарозе да шклянога паліцэйскага будынка імя Саакашвілі пабачыў і офіс з партрэтам Сталіна. Заглянуў у нейкае турагенцтва даведацца кошты на кватэры. У паўпадвальчыку з разляжанай канапай і клышаногім крэслам сядзеў над ноўтбукам сталага веку грузін. Даў мне знак сесці. Доўга муляў нейкія свае размовы, потым пачаў пытацца, а хто я, а адкуль. Кажу, проста назавіце кошты, колькі за дзень. Некуды пачаў тэліць, нарэшце выдаў: сто лары за дзень, аднапакаёўка.

Яшчэ ў адным месцы, аб’ява наўпрост перад уваходам у дворык, за пакоік на другім паверсе абадранай халупы прасілі дзесяць долараў. Што ж, курортны горад, пачатак сезону, у нас і без сезону столькі папросяць.

Да пастарунка імя Саакашвілі дайшоў толькі ў апошні, цалкам свабодны дзень, ужо на змярканні. Гляджу: каровы зайшлі на аўтазапраўку. Смешны кадрык! Але тыя доўга там не тусаваліся: травы мала. Нягледзячы на шчытны рух, папляліся сабе наўскась цераз магістраль да немалога павільёна. А на ім надпіс “POLICE”. Сапраўды, шкляны, празрысты.

Кошты на яду

У апошні дзень давялося памяняць грошы, каб купіць ежы. Грузінскі лары мае курс амаль як беларускі рубель без нулёў. Еўрык варты крыху менш за два з паловай лары, долар гэта прыкладна два лары.

За тры лары купіў у адмысловай ятцы, якіх багата, два чэбурэкі. Вялікія, гарачыя. Напаўненне ў адным не спадабалася. Затое ў другім сама тое. Кубачак не горшай кавы адзін лары. Параілі мне хачапуры за два лары. Ён удвая большы за чэбурэк! Усе гэтыя нацыянальныя прысмакі робяцца з танкаслойнага прапечанага цеста. Увага: начыннем бывае многа мяса! Так што грузіны вострай патрэбы ў хот-догах і Макдональдсах не маюць. Адзін бачыў, на ўвесь амаль двухсоттысячны горад.

Няма там і гіпермаркетаў. Скрозь сярэднія і малыя крамы і крамкі. І ў кожнай грузінскія марачныя каньякі. Адносна недарагія, па 15 – 30 лары. Але ёсць і ў дзясяткі разоў даражэйшыя, вытрыманыя.

Садавіна і гародніна каштуе прыкладна столькі сама, як і ў нас. Адборная, розных гатункаў бульба 1 лары за кілаграм, агуркі 1 лары, памідоры 3 лары, чарэшні 3 лары, апельсіны 2 лары, вялізныя слівы-венгеркі 4 з паловай лары,  абрыкосы ад аднаго да трох з паловай лары.  Кавуны можна знайсці і па 0,5 лары, але зазвычай адзін лары за кілаграм.

Цукеркі каштуюць ад 3 лары за “смактунцы” да 15 за кіло шакаладных цукерак.  Мясныя вырабы абыдуцца ад 2 да 18 лары за кілаграм. У адной краме сказалі, што ёсць беларускае сала. Быў без фотаапарата. А назаўтра прыйшоў – няма, раскупілі. Алё, Мінгандлю, у Батумі няма нашага сала!

З чаго, як і чым жывуць батумчане

П’яных упокат у Батумі ні разу не бачыў. Галодных таксама не. Жабравалі пару чалавек каля грузінскага сабору, які мае чатырохканцовы крыж без касой папярэчыны (як наш каталіцкі касцёл). Але грузінская царква належыць да візантыйскага абраду, не да рымскага. 

Падсілкавацца аўтамабілю ў Батумі абыдзецца  дзесьці на чвэрць даражэй, чым у Беларусі.  Станцый абслугоўвання шмат, яшчэ больш  аўтамыйняў. Практычна ўсе яны згрупаваныя ў адной частцы горада, пры нейкай загадкавай рачулцы, якая цячэ збоку вуліцы ў бетонным жолабе. З яе бяруць ваду, і ў яе тая вада апасля зліваецца. На дзіва, пасля такога ў той канаве  жывуць і гучна крумкаюць вечарамі жабы. Яны зялёныя, меншыя памерам і больш тупаносыя за нашых балотных крумак.

Адна з аўтамыек ва ўсю вышыню зроблена пад расійскі сцяг. Але надпісы нават без звыклай англійшчыны – толькі  па-грузінску. На далікатнае пытанне, а ці прыязджаюць да яго расіяне, гаспадар неяк сцята прамовіў: “Ну еслы прыедут...”. З чаго я зразумеў, што ён папросту адмывае расійскі сцяг, пасля грузіна-расійскага ўзброенага канфлікту 2008 года. 

Клімат у Батумі вільготны. Фотаапарат дапамог высветліць прычыну частых ападкаў: пры набліжэнні далёка за дамамі бачныя снежныя горы! Халоднае паветра сутыкаецца з мяккім марскім, і вынікі гэтай калізіі літаральна “плачэўныя”. Таму бялізна ў доме не сохне, і можна бачыць жывапісныя падштонікі з трусялямі нават паміж высоткамі або на балконах і ў дварах месцамі даволі мізэрабельнага, шчыра сказаўшы, малапавярховага цэнтру.

У гатэлі разгарнуў англамоўную “Georgia today“. Стылістыка памяркоўная, дастаткова крытычных матэрыялаў, чыноўнікаў без меры не хваляць. Пішуць там пра сярэдні заробак, у пераліку, каля ста долараў на чалавека. Паглядзеўшы на сціплы побыт, вопратку мясцовых, развалены порт і  абшарпаны бровар на ўскрайку, у гэта верыцца. Мабыць, не без дыхання тропікаў тут. Гарачыня расслабляе – гэта мы па Афрыцы назіраць можам. Распавядалі нават пра тое, што ўзімку мясцовыя бяруць тавары ў крамах на запіс. Курорт – усе прыбыткі ў сезон.

На пірсе ў порце пабачыў з пяць рыбакоў. Цягалі яны з мора невялікіх рыбак, кшталту нашых верхаводак, набівалі ў пакеты. “Дэты ставрыды, малэнькая ставрыда, очэнь вкусная!” – парэкамендаваў адзін са старэйшых.

Чорнае мора

Мора пачакала, пакуль не скончыцца канферэнцыя. Тры дні воблачна, пырскаў дождж, даволі холадна. У апошні дзень так расхлябеніла вярхі, што цэнтр Батумі паплыў. Аўто купаліся не горш чым у нас на Гогаля ў залевы.

Затое назаўтра з самага рання наступіла сапраўднае лета. Пясок у Батумі пачынаецца, калі па шыю вады, так што або загараеш-сушышся на рознакалібернай абкатанай гальцы, або бярэш ляжак за тры лары.

Засумаваўшы па сонцы, напёкся так, што па прыездзе аблез, пасля камарыных пункцый у лесе і канчатковага аслаблення скурнага покрыва спіны.

Вада ў моры была прыемная, уражанні самыя добрыя, не ў прыклад першым, трыццацігадовай даўніны. Тады, пасля спуску ад Прыэльбрусся, з Клухорскага перавала, мы ляжалі на такім сама камяністым пляжы, але вось мора не было ласкавым, зайшло мне ў абодва вухі, і я з падвойнай сілай палюбіў родныя беларускія вадаёмы.  Гэтым разам абышлося, і людзі больш прыхільныя, але ўсё роўна Беларусь лепш.

Велікі – мы крыху апярэдзілі ў ахвоце, адсталі ў якасці

Веладарожак у Батумі цэлая сетка. Аднак даехаць можна не скрозь. Адчуваецца, што горы сцясняюць. Аўтамабіляў у цэнтры многа, і іх паркуюць як прыдзецца, у тым ліку і на веладарожках. Аднак па-за цэнтрам праехаць на веліку можна без праблем. Там ёсць і звыклыя ўжо ў Еўропе станцыі арэнды стандартных гарадскіх велікаў з адмысловымі портамі. Але можна заарэндаваць двухколавік і ў прыватнікаў каля мора, за тры лары. Зарукай звароту будзе сфатаграфаванае на мабільнік прадпрымальніка ваша асабовае пасведчанне.

Кіроўцы аўто тут зусім не як у нас, едуць хутка, манеўруюць “на тоненькім”, часта сігналячы. Пешаходаў не прапускаюць (дарэчы, і пешаходы ў цэнтры ідуць сабе на чырвонае святло). Таму ездзіць на веліку пакрытымі чырвоным асфальтам веласцежкамі можна толькі асцярожна. Іншая рэч праменада ўздоўж мора. Там і раварыстам раздольна, і для шпацыравальнікаў дарога асобная ёсць, у два разы шырэйшая. А аўтамабілям туды нельга!

Архітэктура

Ад Батумі застаецца ўспамін як ад горада невысокага і досыць утульнага. Вылучаюцца толькі  блок шматпавярховых дарагіх атэляў на марскім узбярэжжы каля порта, вельмі прыгожы Палац культуры, дзе ўдзельнікам экалагічнай канферэнцыі Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя Грузіі наладзіла прыём з грандыёзным, іншых слоў няма, канцэртам і фуршэтам, і новыя мікрараёны вакол Алеі Герояў з Аркай Вясёлкі, грамадскім  Цэнтрам у выглядзе перакуленай шаснаццаціпавярховай бутэлькі ды каляровымі музычнымі фантанамі.  Побач эратычная скульптура ў выглядзе сплеценых у кола жаночага і мужчынскага целаў, якая адразу прымусіла згадаць падобную ў Брэсце, перад адным з інтэрнатаў Тэхнічнага ўніверсітэта, і падумаць: а хто ў каго злямзіў? Ці, як бывае ў літаратуры, фабулы паралельна паўсталі ў галовах некалькіх аўтараў?