Буслы вяртаюцца на Палессе 

Наталья Базар, Медиа-Полесье

Буслы селяцца ў вёсках, на акраінах гарадоў, бліжэй да чалавечага жылля. Для гнездавання выбіраюць самыя высокія дрэвы, часам – дахі дамоў. Папулярнасцю ў птушак для гнязда карыстаюцца слупы ліній электраперадач. Менавіта па гэтай прычыне з птушкамі здараюцца няшчасці: то гняздо электрыкі раскідаюць, то белага птаха токам заб'е. І ўсё адно буслы там робяць гнёзды.

Дзе буслянку майстраваць, каб аб гэтым не пашкадаваць

Любоў Іванаўна з Калоднага скардзіцца, што ўсё часцей у яе вёсцы птушкі гінуць з-за электрычных правадоў: яны робяць гнёзды на слупах ліній электраперадач і ў адзін момант дарослыя птахі гінуць, пакідаючы ў гняздзе малых птушанят.

У вёсцы засталіся некалькі вялізных таполяў, якія выбіраюць буслы для гнездавання, але іх не так шмат, ды і не на ўсіх атрымліваецца ў птушак пасяліцца. Жанчына не ў сілах выправіць сітуацыю. А яшчэ на школьнай качагарцы кожную вясну бусліная сям'я робіць гняздо (добра што гэта адбываецца намнога пасля заканчэння ацяпляльнага сезона і з трубы ўжо не ідзе дым), выводзіць птушанят, адлятае у цёплыя краіны, а ў канцы жніўня прыязджаюць выратавальнікі Столінскага РАНС і здымаюць бусліную кватэру. Але тут, як кажа яна, птушкам бяды не многа.

Качагарка з бусламі

Качагарка з бусламі

Пра гэтыя свае хваляванні жанчына неаднаразова дзялілася з дзецьмі і ўнукамі. Яе ўнукі звярнулася на «Медиа-Полесье» з просьбай даведацца, ці можна неяк буслам дапамагчы.

 

Буслоў не стала менш

“Папуляцыя белых птахаў на Століншчыне не памяншаецца, так як буслы самі рэгуліруюць колькасць, – распавядае галоўны спецыяліст Столінскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Літвінка. – Калі кармавая база добрая, то ў гняздзе можа расці да чатырох птушанят”.

І сапраўды, у вёсках і гарадах, цераз якія ці ля якіх працякае рака альбо маюцца вадаёмы, невялічкія азёры, часта сустракаюцца буслы.

Адпаведна, калі ежы мала, то буслы выкідваюць з гнязда слабейшых птушанят і гадуюць мацнейшых. Нават калі такое птушаня падбіраюць людзі і кормяць яго на ўласным птушыным двары, шанцаў вярнуцца ў стаю ў такіх сірот няма. Іх альбо заб'юць альбо пакінуць дома: у вырай не возьмуць. Калі чалавек дапаможа птушцы перазімаваць, то яе таксама не прымуць буслы пасля вяртання на радзіму.

“Буслы – адны з самых дальніх нашых мігрантаў. Яны далятаюць нават у Паўднёвую Афрыку, пры гэтым шлях можа дасягаць 9.500 кіламетраў. Звычайна птушкі ляцяць не над адкрытым морам, а праз пралівы. І на сваім шляху да месцаў зімоўкі ім патрэбна яшчэ пераляцець самую вялікую пустыню свету – Сахару”, –распавядае спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Сямён Левы.

Дарэчы, зараз арганізацыя ладзіць міжнародную кампанію “Жывая Вясна”, удзел у якой можа прыняць кожны беларус. Калі вы ўбачылі адну з пяці птушак (белы бусел, вясковая ластаўка, звычайная зязюля, чорны свіргуль  і шчурка-пчалаедка), запомніце іх колькасць, месца назірання і занясіце дадзеныя сваіх назіранняў адным з прапанаваных спосабаў:

* на сайт кампаніі www.springalive.net пры дапамозе формы “ДАДАЦЬ НАЗІРАННЕ”
* СМС на кароткі нумар 0841 (Абавязкова ўкажыце вашае імя, прозвішча, час назірання, месца, колькасць і назву птушкі), у адказ Вы атрымаеце падарунак  – спасылку на голас адной з птушак “Жывой вясны”!
* Адпішыцеся ў адпаведных старонках у сацыяльных сетках ( Укантакце  ці Фэйсбуку)

У мінулым годзе Беларусь у гэтай кампаніі заняла 4-е месца з болей чым 50 краін-удзельніц. Гэта сведчыць аб тым, што жыхары Беларусі любяць прыроду і з ахвотай назіраюць за вясеннім прылётам птушак.

 

У суседзяў і ў нас

На Піншчыне знайшлі выйсце з такой сітуацыі некалькі год таму: на слупах ліній электраперадач усталявалі спецыяльныя пляцоўкі, зручныя для таго, каб буслам рабіць гняздо.

Пляцоўка для гнязда на слупу ў в.Лапаціна Пінскага раёна

Пляцоўка для гнязда на слупу ў в.Лапаціна Пінскага раёна

У гэтым годзе магчымасць будавацца на падобных пляцоўках з'явілася і ў столінскіх буслоў.

Бусліная “вёска” ў Лапаціна. Фота з архіва

Бусліная “вёска” ў Лапаціна. Фота з архіва

Спецыялісты Столінскіх РЭС распавялі, што гнездаванне буслоў на слупах ліній электраперадач кепска як для лініі, так і для самой птушкі. Ды і радасці асаблівай ад працэсу разбурэння гнязда работнікам электрасетак няма.

Начальнік Столінскіх РЭС Сяргей Хвядчук паведаміў Медыя-Палессю, што упершыню ў гэтым годзе на Століншчыне працаўнікі РЭС устанавілі на слупах ліній электраперадач спецыяльныя пляцоўкі для буслоў. Гэтыя пляцоўкі распрацаваны спецыялістамі Столінскіх РЭС і зроблены па іх чарцяжах на базе ў Пінску. 24 такія пляцоўкі ўжо замацаваны на слупах у Белавушы, Давыд-Гарадку, Лядцы, Рублі, Століне, Церабяжове. Яшчэ 9 плануюць на гэтым тыдні ўсталяваць у Лядцы і Церабяжове.

Пляцоўкі для буслоў

Пляцоўкі для буслоў

Кошт адной такой пляцоўкі – 400.000 рублёў без уліку работы па яе ўстаноўцы.

Чарцёж гэтай пляцоўкі спраектаваны спецыялістамі Столінскіх РЭС

Чарцёж гэтай пляцоўкі спраектаваны спецыялістамі Столінскіх РЭС

Дарэчы, не на ўсіх слупах ліній электраперадач можна ўсталяваць птушыныя пляцоўкі. Напрыклад, там, дзе напружанне ліній ў 10 кілавольт (кВ), гэта зрабіць нельга: вельмі моцнае напружанне з-за якога птушка загіне. Падыходзяць тыя, дзе напружанне 0,4 кВ.

 

Буслам можна дапамагчы

З пытаннем, ці магчыма ўстаноўка такой пляцоўкі ў вёсцы Калоднае, «Медиа-Полесье» звярнулася дастаршыні Радчыцкага сельскага Савета Любові Курак. Жанчына адказала, што гэта магчыма. Але жыхары вёскі з такой просьбай павінны звернуцца ў сельскі Савет.

У выпадку, калі слуп ліній электраперадач знаходзіцца на прыватным падворку, а не, напрыклад, на вясковай вуліцы, то з заяўкай на ўстаноўку пляцоўкі трэба звяртацца ў Столінскія РЭС і быць гатовымі за свой кошт аплаціць пляцоўку і работу па яе ўстаноўцы. Што датычыцца Радчыцкага сельскага Савета, то ў адной з вёсак у хуткіхм часе, магчыма, ўстановяць такія пляцоўкі.

Гняздо для бусла сваімі рукамі

І такое можа быць. Лёгка! Раней зацягвалі на высокае дрэва і клалі паміж галін драўлянае кола са звычайнага воза. На такой пляцоўцы буслам добра будаваць сваё гняздо. Зараз драўляныя колы выйшлі з ужытку, але тое ж самае можна зрабіць і з жалезным веласіпедным колам, што прыйшло ў нягоднасць.

Пры жаданні можна збіць у выглядзе літары Х дзве тоўстыя дошкі ці брускі і іх таксама замацаваць на дрэве між галін, альбо на каньку хлеўчыка.

А якія парады дасце вы, паважаныя наведвальнікі сайта? Пішыце свае прапановы тут.

Бусел і беларусы

Уладзімір Караткевіч назваў Беларусь “Зямля пад белымі крыламі”. Менавіта крылы гэтай велічнай птушкі распасцёртыя над усёй сінявокай Беларуссю. Разам з вяртаннем на радзіму буслоў вяртаецца лета.

Бусла спрадвеку шанавалі беларусы. Лічылася, што калі бусел селіцца ў двары, то ў гаспадароў сядзібы будзе шчасце, дабрабыт у хаце. Таму многія спецыяльна зацягвалі драўляныя колы ці майстравалі спецыяльныя падпоры, каб бусел на дрэве ці на крышы хлеўчыка змог зрабіць гняздо і пасяліўся там на доўгія гады.

P.S.: Як кажуць, працэс пайшоў. Галоўнае, каб і палешукі самастойна былі гатовы дапамагчы птушкам. 

 

Оригинал публикации

 

21 March 2016